
У інтэр'ер музея местачковага побыту арганічна ўпісаліся карціны вядомай мастачкі Вольгі Міхайлаўны Ярэська.
Вольга Ярэська – прадстаўніца інсітнага накірунку ў беларускім жывапісе. Інсітнае (наіўнае) мастацтва характарызуецца наіўна-рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці з выкарыстаннем вобразных сродкаў, адметных ад акадэмічных.
Працы мастачкі блізкія да традыцыйнага народнага эстэтычнага светаўспрымання, вылучаюцца прастадушным абаяннем, шчырасцю, непасрэднасцю, своеасаблівай дзіцячасцю ў інтэрпрэтацыі натуры.
Вольга Ярэська нарадзілася ў 1954 г. у вёсцы Кішчына Слабада Мінскай вобласці (Беларусь). У 1973 г. скончыла Мінскае педагагічнае вучылішча, а ў 1978 г. – Мінскі інстытут культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Жыве ў пасёлку Першамайскі, ля Івянца, дзе Налібоцкая пушча сваёй прыгажосцю натхняе на творчасць.
Работы Вольгі Міхайлаўны знаходзяцца ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» і ў прыватных калекцыях.